ФРАНЦУ́ЗСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (Parti Socialiste Français; ФСП),

адна з вядучых партый паліт. сістэмы Францыі (каля 150 тыс. членаў у 1990-я г.). Засн. ў 1905 у выніку аб’яднання Франц. сацыяліст. партыі (засн. ў 1902 прыхільнікамі ідэй А.Мільерана, кіраўнік — Ж.Л.Жарэс), Сацыяліст. партыі Францыі (засн. ў 1901, кіраўнік — Ж.Гед) і інш. сацыяліст. арг-цый. Да 1969 наз. Франц. секцыя Рабочага Інтэрнацыянала — СФІО. У 1968—69 самараспусцілася, у 1971 адноўлена пад наз. ФСП. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі кіруе сакратарыят (1-ы сакратар з 1997 — Ф.​Аланд). Гал. друкаваны орган — газ. «Unité» («Адзінства»). Прытрымліваецца ідэалогіі рэфармізму, але ў час выбараў у Нац. сход блакіруецца з Франц. камуніст. партыяй (ФКП). Апошні па часе кааліцыйны ўрад ФСП, ФКП і іх саюзнікаў дзейнічаў у 1997—2002.

т. 16, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)